ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ШПУ́ЛЯ,

прылада для пераўтварэння пастаяннага (або пераменнага) току нізкага напружання ў пераменны ток высокага напружання. Першая канструкцыя І.ш. зроблена ням. вучоным Г.​Румкарфам у 1852.

Мае першасную абмотку з некалькіх дзесяткаў (ці соцень) віткоў тоўстага дроту і другасную абмотку з некалькіх дзесяткаў тысяч віткоў тонкага дроту. Абедзве абмоткі насаджаныя на агульны ферамагн. стрыжань, зроблены з тонкіх эл. ізаляваных адзін ад аднаго лістоў або пруткоў. Першасная абмотка далучаецца да крыніцы сілкавання праз перарывальнік, які перыядычна замыкае і размыкае эл. ланцуг. З прычыны эл.-магн. індукцыі ў другаснай абмотцы ўзнікае эрс высокага напружання. Выкарыстоўваецца ў сістэмах батарэйнага запальвання, а таксама ў навуч. мэтах.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)